Прыёмная кампанія 2023 года арыенціровачна стартуе 17 ліпеня. Аб гэтым журналістам паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першы намеснік міністра праінфармаваў, што ў бліжэйшы час будуць зацверджаны тэрміны правядзення прыёмнай кампаніі 2023 года. "Будуць вызначаны тэрміны падачы дакументаў на бюджэтную і платную форму навучання, тэрміны правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі, дзе гэта неабходна, і тэрміны залічэння як на бюджэтную, так і платную форму навучання. Прыкладна тэрміны будуць такія ж, як і ў мінулым годзе, можа, недзе з розніцай некалькі дзён. Прыём дакументаў і старт прыёмнай кампаніі гэтага года арыенціровачна пачнецца 17 ліпеня", - расказаў Аляксандр Бахановіч.
Ён адзначыў, што асноўнай задачай гэтай прыёмнай кампаніі з'яўляецца забеспячэнне роўных, справядлівых і аб'ектыўных умоў для ўсіх абітурыентаў. "Таксама мы павінны стварыць умовы для нашых адораных, таленавітых і матываваных дзяцей для паступлення на вельмі важныя і запатрабаваныя эканомікай краіны спецыяльнасці. Для дасягнення гэтага Міністэрства адукацыі, установы вышэйшай адукацыі, а таксама заказчыкі кадраў праводзяць шэраг мерапрыемстваў, створаны ўнікальныя траекторыі для паступлення", - дадаў першы намеснік міністра.