Вызначыць па знешніх прыкметах віды пустазелля і мінеральных угнаенняў, а па насенні – збожжавых і бабовых культур, прышчапіць пладовыя дрэвы – і ўсё гэта за пэўны час і пад пільным наглядам кампетэнтнага журы.
Рэгіянальны этап VI Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па кампетэнцыі «Аграномія» адбыўся на базе адасобленага структурнага падраздзялення «Аграрны каледж УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» ў Лужасна.
Вітаючы і пажадаючы ўдзельнікаў, дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі Ганна Стукальцава адзначыла, што апошнім часам ва ўсім свеце асаблівая ўвага надаецца развіццю аграноміі, бо ад яе шмат у чым залежыць харчовая бяспека насельніцтва планеты. Сёння высокакваліфікаваны аграном, які валодае трывалым багажом тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, – на вагу золата.
На Віцебшчыне будучых аграномаў рыхтуюць усяго дзве ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі-аграрны каледж ВГАВМ і Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж. Чацвёра іх навучэнцаў-Дзіна Дзяржаўцава, Даніла Самсонік, Анастасія Урбан і Арцём Біль – і змагаліся за перамогу. Кожнаму з іх хацелася атрымаць запаветную пуцёўку на рэспубліканскі этап Profskills Belarus, а ў далейшым – Міжнародны конкурс прафмайстэрства.
Усе навучэнцы ў сельскагаспадарчай сферы ў сваіх сем'ях першапраходцы, але гэта зусім не палохае рабят, а наадварот, матывуе стаць лепшым у абранай прафесіі. Трое з іх вучацца на трэцім курсе, а таму з вытворчай практыкай яшчэ не сутыкаліся.
Толькі чацвёртакурсніца Аршанскага каледжа Анастасія Урбан ужо змагла адчуць усе плюсы і мінусы агранамічнай справы. Летась ураджэнка Барысаўскага раёна праходзіла практыку на сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Аграфірма імя Суворава» ў Мінскай вобласці.