Гарпасёлак Варапаева Пастаўскага раёна ўключаны ў дзяржпраграму добраўпарадкавання малых гарадоў
Жыхары Варапаева Пастаўскага раёна атрымалі ад дзяржавы доўгачаканы падарунак-населены пункт уключаны ў праграму добраўпарадкавання малых гарадоў.
- Работы ўжо пачаты, - падкрэсліў намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Павел Станюш. - Ёсць план, каштарысы па кожным аб'екце, многія вызначыліся з падрадчыкамі. У ліку першых, хто прыйшоў у Варапаева, - дарожнікі. Ужо ідзе кладка вадасцёкавай трубы на ўездзе ў гарпасёлак з боку Гуты, дзе дарожнае палатно стала правальвацца. Работнікі ДРБУ - 132 на цэнтральных вуліцах пачалі рамонт і кладку асфальту, услед пойдзе кладка тратуараў. Толькі да школы іх запланавана пракласці каля 400 метраў, уладкаваць веласіпедную дарожку. З раённага і абласнога бюджэтаў на мерапрыемствы па добраўпарадкаванні выдзелена 2,4 млн рублёў.
- Агульная сума ўкладанняў будзе значна большай, - удакладніла старшыня Варапаеўскага сельвыканкама Іна Касарэўская. - Рамонт, абнаўленне фасадаў, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый прадугледжваюць ведамствы, чые арганізацыі і ўстановы працуюць у гарпасёлку. Гэта датычыцца прадпрыемстваў паштовай і электрычнай сувязі, райбальніцы, гандлёвых сетак, чыгункі. Аб добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый клапочуць індывідуальныя прадпрымальнікі. Таццяна Ляшковіч, напрыклад, за свае сродкі збіраецца зрабіць асфальтавыя дарожкі да сваёй кавярні. Ёсць і іншыя заяўкі.
У агульную працу ўключаюцца і мясцовыя жыхары, а іх у Варапаева больш за 2,5 тысячы. Многія гаспадары домаўладанняў добраўпарадкоўваюць свае ўчасткі-высаджваюць дэкаратыўныя кусты, разбіваюць клумбы. Дзе і што трэба паправіць, падказвае рабочая камісія сельвыканкама. Яе члены прайшлі па ўсіх вуліцах, вызначылі, якія платы і гаспадарчыя пабудовы патрабуюць рамонту, а што варта знесці. Большасць вяскоўцаў з разуменнем паставілася да рэкамендацый.
Дзіцячыя ўстановы ў праграме добраўпарадкавання ў ліку прыярытэтных аб'ектаў. У школе ўжо замянілі вокны, у дзіцячым садзе – вокны, Уваходны блок, пафарбаваны фасад. Прадугледжаны рамонт музычнай школы.
Змены чакаюцца ў гарадскім парку-месцы правядзення масавых мерапрыемстваў. Перамесціцца ў іншае месца танцавальная пляцоўка, з'явяцца новыя лаўкі, альтанкі.
Планаў і чаканняў шмат. Трэба спяшацца з іх рэалізацыяй. Пра гэта і клапоцяцца раённы і сельскі выканкамы, многія працоўныя калектывы.
Да спіса